Праблема расізму ў спорце і ў прыватнасьці футболе ўсё яшчэ застаецца актуальнай. Падчас гульні паміж València CF і Real Madrid CF 21 траўня 2023 года гулец мадрыдскага клюба Vinícius Júnior падвергся расістоўскім абразам з трыбун. Гулец спрабаваў зьвярнуць на гэта ўвагу галоўнага судзьдзі, аднак гэта не прынесла выніку і ў адным з сутыкненьняў Vinícius ударыў па твары гульца València CF, за што атрымаў чырвоную картку і быў выдалены з поля. Пасьля гульні Vinícius выказаўся ў сваім Instagram з крытыкай La Liga.
Першапачаткова прэзідэнт La Liga Javier Tebas адмаўляў якую-небудзь віну, аднак пазьней прынес свае прабачэньні, паралельна з тым, як 6 арбітр_ак, якія працавалі на матчы, былі звольненыя, правапарушальні_цы — затрыманыя, былі ўведзеныя санкцыі ў памеры 45 000 эўра, трыбуны для València CF былі зачыненыя на 5 гульняў (FC Valencia часткова выйграла апеляцыю аб зніжэньні штрафу да 27 000 эўра, а тэрмін закрыцьця стадыёна быў зменены з 5 гульняў на 3.), La Liga правялі акцыю супраць расізму, а чырвоная картка Vinícius была адмененая. Гулец таксама атрымаў падтрымку з боку FIFA, FIFPRO, прэзідэнта Бразіліі, Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН і шматлікіх футбаліст_ак з усяго сьвету.
Таксама футбольныя федэрацыі Бразіліі і Гішпаніі запусцілі антырасістоўскую кампанію Uma só pele (“One skin”), у рамках якой каманда Бразіліі ўпершыню за 109 гадоў надзела цалкам чорную форму падчас таварыскага матчу з Гвінеяй. Бразільская канфедэрацыя футболу таксама прасоўвала кампанію Com o racismo não tem jogo (“No playing with racism”), а ейны кіраўнік выступіў за больш актыўныя дзеяньні футбольных уладаў па супрацьдзеяньні расізму ў футболе.
Тэнісістка Sloane Stephens, якая займае 30-е месца ў сусьветным рэйтынге, пасьля сваёй перамогі ў першым раўндзе Адкрытага чэмпіянату Францыі заявіла, што сутыкаецца з расізмам на працягу ўсёй сваёй кар’еры і сытуацыя становіцца толькі горш, асабліва онлайн. Спартсмэнка адзначыла, што ў наладах ейнага Instagram-акаўнта стаіць блакіроўка на ключавыя забароненыя словы, але «гэта не перашкаджае камусьці проста ўпісаць зорачку ці надрукаваць слова па-іншаму». Па той жа прычыне спартсмэнка ня верыць у эфектыўнасьць праграмнага забесьпячэньня, якое ёсьць у гул_інь на Адкрытым чэмпіянаце Францыі і прызначана для блакіроўкі расістоўскіх камэнтароў у сацыяльных сетках, хоць і не выкарыстоўвала яго. Распрацоўні_цы жа сцьвярджаюць, што ПЗ працуе па іншых прынцыпах і сапраўды можа абараніць атлет_ак ад аб’юзу ў сеціве.
Італьянская футбольная асацыяцыя і чальцы ўрада Італіі падпісалі пагадненьне, згодна зь якім гул_іням будзе забаронена насіць футбольны нумар 88 [No88 — гэта лічбавы код для абазначэння выраза “Heil Hitler”] у рамках барацьбы з антысэмітызмам у футболе. У сакавіку гэтага года
ў сацыяльных сетках зьявілася фатаграфія заўзятара SS Lazio ў футболцы з нумарам 88 і імём “Hitlerson” пасьля таго, як матч Lazio-Roma скончыўся зь лікам 1:0; двое іншых заўзятараў выканалі рымскае прывітаньне; як вынік — усе трое атрымалі пажыцьцёвую забарону на наведваньне гульняў SS Lazio. Пагадненьне таксама дае магчымасьць спыняць футбольныя матчы ў выпадках праяўленьня якіх-небудзь сымбаляў нянавісьці або антысэміцкіх дзеяньняў, а таксама ўключае ў сябе дабаўленьне этычнага кодэкса ў адпаведнасьці з Міжнародным альянсам памяці ахвяраў Галакоста. Міністр унутраных справаў Італіі Matteo Piantedosi заявіў, што гэтыя крокі зьяўляюцца «адказам на невыносныя забабоны, якія занадта часта ўзьнікаюць на нашых стадыёнах».
Расізм у спорце — даўняя і складаная праблема, якая закранае спартсмэн_ак, заўзятар_ак і спартовую супольнасьць у цэлым. Праблема праяўляецца ў розных формах у розных відах спорту і рэгіёнах і, на жаль, застаецца прадметам шматлікіх дыскусіяў. Барацьба з расізмам у спорце патрабуе ўзаемадзеяньня як мага большай колькасьці актар_ак, спартсмэн_ак, спартовых арганізацыяў, заўзятар_ак, інвэстар_ак, усяго грамадзтва. Прызнаньне праблемы, прыняцьце неабходных захадаў на лякальных і міжнародным узроўнях, фармаваньне культуры павагі
і інклюзіўнасьці дапамогуць дамагчыся пазытыўных зьменаў, каб ад спорту маглі атрымліваць асалоду ўсе людзі, незалежна ад іх расавай або этнічнай прыналежнасьці.