2 чэрвеня на сайце беларускага футбольнага клюба «Тарпеда-БелАЗ» зьявілася навіна аб тым, што на наступную гульню ягоныя гульцы выйдуць у новай форме ад нямецкіх вытворцаў Puma. У сваіх сацсетках клюб назваў Puma сваім тэхнічным партнэрам (верагодна, пост быў адрэдактаваны — паводле аўтар_ак). Нягледзячы на тое, што Puma адмаўляе сваё супрацоўніцтва з беларускімі футбольнымі клюбамі, яшчэ ў 2021 годзе брэнд пачаў пастаўляць экіпіроўку беларускаму лёгкаатлету Maksim Nedasekau, які адкрыта падтрымлівае дэ-факта ўлады ў Беларусі.
Puma, як і шмат іншых брэндаў спартовага адзеньня, заяўляе, што ў аснове іхняй стратэгіі ўстойлівага разьвіцьця і ўзаемадзеяньня з грамадзтвам тых краін, дзе Puma ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць, ляжыць павага да правоў чалавека. Тых жа паводзінаў брэнд фармальна патрабуе ад усіх сваіх партнэраў. Аднак, нават апасродкаваная падтрымка Puma спартсмэн_ак, якія адкрыта заяўляюць аб сваёй падтрымцы дэ-факта ўладаў Беларусі і рэпрэсіяў супраць мірных грамадзян_ак, ня толькі супярэчыць узятым на сябе абавязкам па павазе правоў чалавека, але і стварае ілжывы вобраз нармальнасьці аўтарытарнага рэжыму і ягоных саюзні_ц, падрываючы этычныя і маральныя каштоўнасьці спорту.
Тым часам рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. 28 чэрвеня ў Горадні быў затрыманы Dzmitry Kavalyonak, былы гулец і цяперашні спартовы дырэктар ФК «Неман». Па інфармацыі сілавікоў, Dzmitry быў затрыманы з-за скаргаў гульцоў клюба на тое, што ён навязваў «абсурдныя экстрэмісцкія ідэі». Dzmitry быў вызвалены, аднак яго прымусілі запісаць так званае «пакаяльнае відэа», у якім таксама былі апублікаваныя асабістыя ліставаньні атлета. Практыка стварэньня і распаўсюджваньня «пакаяльных відэа» недапушчальная і зьяўляецца супрацьпраўным дзеяньнем, якое парушае свабоду ад прыніжаючага чалавечую годнасьць абыходжаньня, свабоду выказваньня меркаваньня, права на неўмяшаньня ў асабістае жыцьцё.
10 красавіка беларускаму адвакату Aliaksandr Danilevich прысудзілі 10 год пазбаўленьня волі за «дапамогу ў публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь». Кліент_камі Danilevich зьяўляліся беларускія рэпрэсаваныя спартсмэн_кі Aleksandra Herasimenia і Aliaksandr Apeikin, якія раней былі завочна асуджаныя ў Беларусі да 12 год калёніі. Па выніку Danilevich быў абвінавачаны ў тым, што ён наўмысна аказваў садзеяньне спартсмэн_кам шляхам дачы юрыдычных парадаў у галіне міжнароднага спартовага права. Падобнае абвінавачаньне фактычна крыміналізуе ўсю адвакацкую дзейнасьць у Беларусі і пазбаўляе людзей права на абарону, а саміх адвакат_ак — права на прафэсію.
Адзінай пазыцыі на гэты конт няма і кожная спартовая асацыяцыя альбо зьвяз вырашаюць пытаньне лакальна. Так, 5 красавіка стала вядома, што выканаўчы камітэт UEFA ня будзе выключаць беларускія футбольныя каманды зь міжнародных спаборніцтваў, нягледзячы на ліст 100 эўрапейскіх парлямэнтарыяў, у якім быў падкрэсьлены ўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны і ўнутрыпалітычныя рэпрэсіі супраць уласных грамадзян_ак. Адсутнасьць рэакцыі UEFA і наступстваў для беларускага футболу зьяўляецца па сутнасьці прыкладам sportwashing і можа быць выкарыстаным уладамі як доказ сваёй легітымнасьці і прызнаньня міжнароднай супольнасьцю.
У той жа час, Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе (IIHF) яшчэ раз ацанілі магчымасьць допуска зборных Беларусі і Расеі да спаборніцтваў і пацьвердзіла, што пакуль такое дзеяньне не зьяўляецца бясьпечным. Застаецца невядомым лёс беларускіх атлет_ак на Алімпійскіх Гульнях-2024 у Парыжы, ці будуць яны дапушчаныя як нацыянальная зборная, альбо пад нэўтральным сьцягам. 23 сакавіка зьявілася інтэрвію зь беларускім велагоншчыкам Yauheni Karaliok, які падтрымаў беларускія дэ-факта ўлады і рэпрэсіі ў краіне, аб тым, як ён ставіцца да магчымага выступленьня ў нэўтральным статусе. Па меркаваньні спартсмэна, усе атлеты павінны выступаць у аднолькавых умовах, то бок у складзе нацыянальнай каманды, прадстаўляючы краіну на міжнароднай арэне. Лідэры краін «Вялікай сямёркі» (G7) таксама заклікаюць не дапушчаць спартсмэн_ак зь Беларусі і Расеі пад сьцягамі сваіх дзяржаваў, падкрэсліваючы такім чынам уплыў расейскай агрэсіі на міжнародны спорт.
Акрамя адназначных забаронаў міжнародных спартовых асацыяцыяў, беларускія спартсмэн_кі таксама могуць падпасьці пад асабістыя санкцыі ў розных краінах. З 29 траўня Польшча ўвяла санкцыі супраць шэрагу беларускіх грамадзян_ак, у тым ліку мінімум 24 беларускіх атлет_ак, якія зьвязаныя зь беларускімі уладамі, прымаюць удзел у прапагадзе альбо садзейнічаюць рэпрэсіям у Беларусі. Гэта азначае, што спартсмэн_кі ня змогуць заязджаць на тэрыторыю Польшчы і ўдзельнічаць там у спаборніцтвах. Калі той жа пазыцыі пачнуць прытрымлівацца і іншыя краіны, гэта будзе азначаць паралізацыю беларускага прафэсійнага спорту, у прыватнасьці тых атлет_ак, якія падтрымалі де-факта ўлады Беларусі.
Patricia Lamanna — канадзкая футбалістка, якая на працягу трох месяцаў гуляла ў ФК «Менск» і была названая «трансфэрнай бомбай», у сваіх сацсетках падзялілася, што пакідае клюб. Футбалістка плянавала гуляць у клюбе год, аднак, прыняла рашэньне сыйсьці значна раней. Магчыма, на прыняцьце такого рашэньня паўплывалі ўмовы працы ў беларускім спорце: першапачаткова спартсмэнка жыла на базе клюба, аднак пазьней яе папрасілі зняць сабе кватэру, за свае ўласныя сродкі, пры тым, што банкаўскія карткі Lamanna на тэрыторыі Беларусі не працавалі з-за санкцыяў, а яе заробак у памеры 900 беларускіх рублёў (~290 эўра) плацілі не цалкам. Футбалістка таксама падзялілася, што перад гульнёй з «Бабруйчанкай», у якой яна забіла 4 мячы, ёй не давалі ежу цэлы дзень і яна «ледзь не страціла прытомнасьць». Досьвед Patricia паказвае, што беларускі футбол не гатовы да такіх трансфэраў, а ўмовы працы для гул_інь у цэлым далёкія ад міжнародных стандартаў у частцы справядлівых і спрыяльных умоваў працы.
11 траўня 2023 года на сайце АБФФ зьявілася інфармацыя аб тым, што Камітэтам па кантрольна-дысцыплінарных і па этычных пытаньнях АБФФ было прынятае рашэньне аб прымяненьні дысцыпліярных спагнаньняў у дачыненьні да ФК «Шахцёр», ФК «РЦОР-БДУ» і ФК «Белшына» за правядзеньне дагаворных гульняў: штрафы, пазбаўленьне ачкоў на сэзоны 2023 і 2024 гадоў, пазбаўленьне атрыманых узнагародаў у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе 2022 года сярод каманд Вышэйшай лігі; пэрсанальныя дысцыплінарныя пакараньні шэрага футбалістаў і прадстаўні_ц адміністратыўнага/трэнерскага штаба клюбаў.
У сюжэце АТН, які выйшаў у чэрвені і жніўні 2023, неаднаразова гаворыцца аб тым, што асаблівасьцю дадзеных дагаварных гульняў зьяўляецца тое, што ў іх арганізацыі прымалі ўдзел трэція асобы. Аднак, на 22 студзеня 2023 года Vladimir Niederhaus, названы ў сюжэтах АТН «трэцяй асобай, якая не уваходзіць у кіраўніцтва клюба» ФК «Шахцёр», зьяўляўся намеснікам дырэктара клюба па спартовай працы. У адным зь сюжэтаў намесьніка старшыні Упраўленьня Сьледчага Камітэта Беларусі распавёў аб фактах стымуляваньня футбалістаў ФК «Дынама-Брэст», што паслужыла падставай для прыцягненьня да дысцыплінарнага спагнаньня з боку АБФФ у дачыненьні да футбаліста клюба Mikhail Gordeychuk. У гэтай сувязі непасьлядоўным выглядае адсутнасьць рэакцыі з боку АБФФ на паказаньні футбаліста Віцебска, які заявіў, што футбалісты атрымалі ўзнагароджаньне ад прадстаўніка Шахцёра, аднак вырашылі ня браць грошы, а накіраваць іх на дабрачыннасьць. Пры гэтым, ні адзін з гульцоў/ прадстаўні_ц ФК «Віцебск» да гэтага моманту ня быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці.
Наступствы прававога дэфолту ў дзяржаве ня могуць абыйсьці бокам і сфэру футбола: адсутнасьць у Беларусі незалежнага прафсаюзу футбаліст_ак; выбарачны падыход да выбару асобаў, якія падвяргаюцца дысцыплінарным спагнаньням, як з боку мясцовай федэрацыі, так і з боку судоў; выкарыстоўваньне санкцыйных інструмэнтаў толькі да трэціх асоб і адсутнасьць крытычнага падыхода да сябе з боку АБФФ. Дадзеныя абставіны ня толькі падрываюць давер да сыстэмы арганізацыі і правядзеньня спартовых спаборніцтваў у Беларусі, але і ставяць пад пагрозу гарантыі абароны правоў і свабод удзельні_ц індустрыі.
У той жа час беларускі футбол цалкам залежыць ад дзяржаўнага фінансаваньня і падтрымкі. Такая залежнасьць аказвае свой негатыўны ўплыў на аўтаномію і кіраваньне спортам. Чарговым прыкладам стала прызначэньне на пасаду старшыні футбольнага клюба «Днепр-Магілеў» экс-супрацоўніка пракуратуры Siarhei Kapytov. У сваім інтэрвію прэс- службе клюба Kapytov падзяліўся, што ён «сюды не збіраўся», хоць запрашалі яго «і 10 год таму, і 5 год таму», а сваю сувязь з футболам экс- пракурор апісаў так: «Я хоць і гуляў у баскетбол, але на ўсе футбольныя гульні хадзіў». Дзяржаўны ўплыў на прыняцьце рашэньняў, зьвязаных з прызначэньнем футбольных чыноўнікаў і мэнэджэраў, выклікае асьцярогі наконт празрыстасьці і справядлівасьці сыстэмы беларускага футболу.
У праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТБ паведамілі аб мінулым таварыскім матчы па футболе паміж парлямэнтарыямі і «камандай з абмежаванымі магчымасьцямі». Гэта магла б быць навіна аб прыкладзе інклюзіі ў беларускім спорце, але па факце мы бачым ужываньне некарэктнай
і дыскрымінацыйнай лексікі. Фармулёўка «інвалід» зьяўляецца некарэктнай, таму што тут цалкам адсутнічае падыход “people-first language” — мова, арыентаваная на людзей у першую чаргу. Выраз «чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі» зьяўляецца некарэктным
і дыскрымінацыйным, таму што стварае пэўны стэрэатып вакол чалавека (нараўне зь «непаўнацэнн_ая»), да якога сам_а чалавек можа сабе ўвогуле не адносіць. Інваліднасьць — ня толькі медыцынскі, але і сацыяльны панятак, а асаблівасьць чалавека не вызначае яго/яе/іх асобу, таму мы рэкамендуем выкарыстоўваць фармулёўку «чалавек з інваліднасьцю». Пагатоў такім уплывовым на грамадзкую думку інстытуцыям як дзяржаўнае тэлебачаньне.
Апошнія падзеі ў сьвеце беларускага спорту паказваюць, што аўтарытарныя дэ-факта ўлады Беларусі абіраюць выкарыстоўваць свой уплыў і кантроль над спартовай сфэрай, маніпуляваць спортам і спартовымі мерапрыемствамі, грэбаваць правамі чалавека, замест таго, каб падтрымліваць прынцыпы сумленнай канкурэнцыі, павагі правоў і свабод чалавека, спартовага духу і сумленнай гульні. Аналізуемыя парушэньні падкрэсьліваюць неабходнасьць прыцягненьня да адказнасьці людзей, якія займаюць кіруючыя пазыцыі ў краіне і ўсіх датычных асобаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі ў гэтай галіне.
Сытуацыя ў Беларусі служыць напамінам аб важнасьці захаваньня прынцыпаў правоў чалавека ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва, уключаючы спорт,
і аб неабходнасьці калектыўных намаганьняў дзеля забесьпячэньня павагі асноўных правоў і свабодаў чалавека.