
Содержание
- 1 Уводная
- 2 Перасьлед прадстаўні_ц спартовай індустрыі
- 3 Допуск беларускіх спарто_вак да міжнародных спаборніцтваў
- 4 Рэкамендацыі
- 4.1 Міжнародны ціск
- 4.2 Увядзеньне санкцый
- 4.3 Публічная салідарнасьць
- 4.4 Прававая падтрымка
- 4.5 Байкатаваньне міжнародных спаборніцтваў
- 4.6 Распрацоўка адзіных крытэрыяў для допуску спарто_вак да міжнародных спаборніцтваў
- 4.7 Падтрымка грамадзянскай супольнасьці
- 4.8 Асьвятленьне ў СМІ
- 4.9 Доўгатэрміновы ўдзел
Уводная
Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі маюць сістэмны і маштабны характар. Дэ-факта ўлады краіны выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя метады для падаўленьня нязгоды, узмацненьня цэнзуры і абмежаваньня асноўных правоў і свабод тых, хто ня згодны з дзейным рэжымам. Па стане на канец 2024 года, 6550 чалавек былі асуджаныя да розных відаў пакарання па палітычна матываваных справах, 3697 чалавек прызнаныя палітзняволенымі і 1265 з іх застаюцца ў няволі.
Спорт у краіне зьяўляецца рэпрэзентацыяй шырэйшага крызісу правоў чалавека і аўтарытарнага кантролю. Дэ-факта ўлады Беларусі выкарыстоўваюць спорт у якасьці інструманта прапаганды і для падтрыманьня іміджу нармальнасьці і стабільнасьці. З палітычнымі перасьледамі сутыкаюцца і прадстаўні_цы спартовай індустрыі. У аналізаваны перыяд падставамі сталі ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2020 годзе, садзейнічаньне так званай «экстрэмісцкай дзейнасьці» ды іншыя. Акрамя таго, актуальным заставалася пытаньне допуску беларускіх атлет_ак да міжнародных спаборніцтваў, у прыватнасьці – Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Парыжы.
Мы, праваабарончая ініцыятыва FairPlay, займаемся дасьледчай, аналітычнай, адукацыйнай і адвакацыйнай дзейнасьцю па тэме спорту і правоў чалавека, у тым ліку ў Беларусі. Дасьледаваньне гэтай тэмы неабходна для лепшага разуменьня стану грамадскіх інстытутаў у цэлым. У нашым матэрыяле мы сабралі найважнейшыя навіны і статыстыку са сьвету беларускага спорту за 2024 год з мэтай аналізу наступстваў масавых рэпрэсій і дзяржаўнага кантролю сьферы спорту ў Беларусі, маніторынгу тэндэнцый і фармуляваньня рэкамендацый з пункту гледжаньня забесьпячэньня рэалізацыі і абароны правоў чалавека.
Перасьлед прадстаўні_ц спартовай індустрыі
Крымінальны перасьлед
У 2024 годзе крымінальнаму перасьледу падвергліся, як мінімум, 11 прадстаўні_ц спартовай індустрыі. Нагодай сталі:
- удзел у мірных пратэстах у 2020 годзе або іх падтрымка
- абраза прадстаўні_ц улады і прэзідэнта
- заклікі да санкцый
- садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці.
Некаторыя са спарто_вак, трэнер_ак і іншых прадстаўні_ц беларускага спорту былі асуджаныя да пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 год і прызнаныя палітзняволенымі. Шмат хто з іх былі пазбаўлены магчымасьці займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.
Затрыманьні нярэдка суправаджаюцца запісам так званых «пакаяных» відэа. Гэтыя запісы, зробленыя пад ціскам, зьмяшчаюць заявы з прызнаньнямі ў нібыта ўчыненых правапарушэньнях, выказваньнем шкадаваньня або раскаяньня. Такія відэа суправаджаюцца зьнявагамі і абразамі, а затрыманых прымушаюць публічна прызнавацца ў падпісцы на рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі, напісаньні каментароў у інтэрнэце, удзеле ў мірных акцыях пратэсту ці іншых дзеяньнях, якія дэ-факта ўлады краіны вызначаюць супрацьпраўнымі. Ворганы, якія ўваходзяць у структуру МУС, займаюцца арганізацыяй такіх запісаў, а іх распаўсюджваньнем актыўна займаюцца праўладныя Telegram-каналы, дзяржаўныя медыя і тэлебачаньне. Гэтыя відэазапісы выкарыстоўваюцца для ўзмацненьня прапаганды і ўсталяваньня кантролю.
«Спецыяльная вытворчасьць» была распачата Сьледчым камітэтам (далей – СК) у дачыненьні да інструктара па крав-мага Hennadzi Kapitanov. Ён абвінавачваўся па 4 артыкулах КК – распальваньне варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі (ч. 3 арт. 361 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абраза прэзідэнта (ч. 1 ст. 368 КК). Пазьней Kapitanov завочна прыгаварылі да 6 год калёніі.
За «заклікі да санкцый» (частка 3 артыкула 361 КК) асудзілі члена зборнай Беларусі па суднамадэльным спорце Aliaksei Mazuka. Які канкрэтна прысуд вынес суд – невядома, аднак па ўказаным артыкуле спартоўцу пагражала ад 4 да 12 год пазбаўленьня волі.
Трыятланістка Valentina Zelenkevich была затрымана і пазьней прыгаворана да 2 гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) пасьля вяртаньня ў Беларусь увесну 2024 года за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 годзе. Па гэтым жа артыкуле да 2 гадоў «хатняй хіміі» быў асуджаны футбаліст Andrei Salavey.
Pavel Pashkevich, вядучы мерапрыемстваў, які працаваў на матчах баскетбольнага клюба «Мінск», быў затрыманы з-за фота, на якім ён трымае ў руцэ мікрафон з надпісам “ZYVIE BELARUS”. У адным з праўладных Telegram-каналаў было апублікаванае «пакаянае» відэа, у якім вядучы прызнаецца ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Менску, а таксама адпраўцы дадзеных аб перамяшчэньні «сілавікоў» праз рэсурс «Чорная кніга Беларусі». Яму было прад’яўлена абвінавачваньне па артыкуле 342 КК (абмежаваньне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, або пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў), аднак, рашэньне суда невядомае.
Новая хваля ператрусаў прайшла ў Беларусі ў перыяд перад выбарамі ў Каардынацыйную раду (далей – КР) увесну 2024 года, а СК завялі крымінальныя справы на ўсіх кандыдат_ак у КР. Krystsina Tsimanouskaya, лёгкаатлетка і падпісантка адкрытага ліста спарто_вак супраць гвалту і за сумленныя выбары, зьяўлялася прэтэндэнткай на месца ў КР. Па гэтай прычыне, у кватэру бацькоў Tsimanouskaya прыйшлі з ператрусам супрацоўні_цы СК, пра што спартоўка паведаміла ў сваіх сацсетках.
Апісаныя падзеі сьведчаць пра масавыя і сістэмныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, дзе ўлады выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя механізмы для падаўленьня свабоды выказваньня меркаваньня і палітычнай актыўнасьці. Перасьледы, затрыманьні і турэмныя тэрміны для прадстаўні_ц спартовай сферы ставяць пад пагрозу ня толькі права на свабоду слова і мірныя сходы, але і права на бясьпеку і абарону ад прыніжаючага годнасьць абыходжаньня. Мы таксама можам адзначыць парушэньне права на свабодны ўдзел у палітычным жыцьці, права на прафэсію і працу. Гэтыя дзеяньні, якія суправаджаюцца парушэньнем прынцыпаў прававой працэдуры і справядлівасьці, падрываюць асновы прававой дзяржавы і ствараюць атмасферу страху.
Кейс Andrei Hnet
Кейс сузаснавальніка Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі (SOS BY) і журналіста Andrei Hnet, якому пагражала экстрадыцыя з Сербіі ў Беларусь, стаў адным з самых гучных для беларускага спорту ў 2024 годзе.
Andrei Hnet быў затрыманы ў канцы кастрычніка 2023 года ў Сербіі, бо ордэр на яго арышт па абвінавачанні ў «нявыплаце падаткаў» быў унесены ў базу Інтэрпола. Падобныя абвінавачваньні неаднаразова станавіліся падставай для затрыманьня будучых палітзняволеных у Беларусі.
З-за таго, што арганізацыя SOS BY прызнана на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем», Hnet пагражала адказнасьць да 7 год пазбаўленьня волі. Яго юрыст падаў апеляцыю на рашэньне аб экстрадыцыі і запыт на выдаленьне данных журналіста з базы Інтэрпола, а 20 сьнежня 2023 года накіраваў запыт аб прыняцьці часовых мер у ЕСПЧ для прыпыненьня экстрадыцыі.
Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў скаргу 19 лютага 2024 года і адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі. Справа была адпраўлена на паўторны разгляд. У турме ў Hnet пагоршыўся стан здароўя. Пра гэта працоўнай групе дэпутатаў Эўрапарлямента паведамілі Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ). Сам Hnet таксама накіраваў ліст у суд. 13 чэрвеня Вышэйшы суд Сербіі прыняў рашэньне аб экстрадыцыі, пра гэта журналіст паведаміў у сацсетках. Па словах Hnet, суд не знайшоў падстаў, якія перашкаджаюць яго выдачы. Журналіст знаходзіўся пад хатнім арыштам, а яго абаронцы падрыхтавалі апеляцыйную скаргу на рашэньне суда.
Пасьля гэтага Апеляцыйны суд Сербіі адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі, але Hnet заставаўся пад арыштам. Справа беларускага актывіста ў трэці раз вярнулася ў Высокі суд Бялграда для новага разгляду. У шэрагу краін прайшлі акцыі падтрымкі.
У канчатковым выніку Andrei Hnet аказаўся на волі і быў эвакуіраваны з Сербіі ў ЭЗ.
Вызваленьне Andrei Hnet і прадухіленьне яго экстрадыцыі стала прыкладам пасьпяховай абароны права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць. Гэты выпадак прадэманстраваў эфектыўнасьць юрыдычнай барацьбы і міжнароднай салідарнасьці ў абароне правоў і свабод асобы. Экстрадыцыя Hnet магла прывесьці да яго перасьледу па палітычных прычынах, што зьяўляецца відавочным парушэньнем яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, а таксама магло б паставіць пад пагрозу яго бясьпеку.
Барацьба з «экстрэмізмам»
Пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія суправаджаліся мірнымі акцыямі пратэсту і новай хваляй рэпрэсій у дачыненьні да ўсіх, хто не згодны з дзейным рэжымам, у Беларусі склалася сістэма, у якой любое меркаваньне, адрознае ад дзяржаўнага, разглядаецца як праява «экстрэмізму».
Дэ-факта ўлады Беларусі працягваюць выкарыстоўваць размытае ў заканадаўстве паняцьце «экстрэмізм» з мэтай палітычных перасьледаў, з якімі сутыкаюцца і атлет_кі. За праяву «экстрэмізму» можна сутыкнуцца як з адміністрацыйнай адказнасьцю і атрымаць так званыя «суткі» арышту, так і з крымінальнай, атрымаўшы турэмныя тэрміны. Так, у 2024 годзе:
- за садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці былі асуджаныя 5 прадстаўні_ц спартовай індустрыі
- 7 былі ўнесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасьці
- 6 акаўнтаў спарто_вак у сацсетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
За падпіску на Tribuna.com дырэктару ДЮСШ «Смаргонь» Denis Loban’ прысудзілі 7 сутак арышту. У сьнежні 2023 года сайт, сацыяльныя сеткі, прыкладаньне і лагатып спартовага медыя Tribuna.com былі прызнаныя дэ-факта ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Раней асуджаны да 1,5 гадоў калёніі за «абразу прэзідэнта» бодыбілдар Aliaksandr Sharabaiko зноў быў абвінавачаны па трох артыкулах КК, у тым ліку па артыкуле 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім). У выніку Sharabaiko быў прыгавораны да 6 год калёніі.
3 гады калёніі прысудзілі фатографу з Барысава Aliaksandr Zyankov, які раней здымаў гульні ФК «БАТЭ». Фатографа асудзілі паводле часткі 3 артыкула 361-1 КК. Паводле інфармацыі ад сукамернікаў Zyankov у ІЧУ, абвінавачваньне тычыцца відэаздымкаў, разьмешчаных на інтэрнет-рэсурсе, прызнаным экстрэмісцкім.
За «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК) на 2 гады калёніі асудзілі трэнера па настольным тэнісе Yuriy Lagadzyuk. Падрабязнасьці абвінавачваньня невядомыя.
Падчас вяртаньня ў Беларусь баскетбольны арбітр Aliaksandr Siritsa быў затрыманы за стварэньне «экстрэмісцкага» чата (артыкул 361-1 КК) і «абразу прэзідэнта» (артыкул 368 КК). Цягам года ён знаходзіцца ў СІЗА.
Рэпрэсіям падвергліся футбольныя фанаты – за «экстрэмісцкія» татуіроўкі быў затрыманы фанат з Гродна, а таксама фанат ФК «Шахцёр» – на яго паскардзіліся суседзі.
У пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці, былі ўнесены Andrei Salavey, Hennadzi Kapitanov, Aliaksei Mazuka, Pavel Pashkevich, Valentina Zelenkevich, Aliaksandr Zyankov і Yuriy Lagadzyuk.
У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унеслі Instagram-акаўнты Konstantin Yakovlev, Aleksandra Herasimenya, Elena Leuchanka, Arthur Udris, Katerina Snytsina і Andrei Hnet.
Рэпрэсіі, зьвязаныя з абвінавачваньнямі ў «экстрэмізме», сталі важнай часткай аўтарытарнага кантролю і паўсядзённай практыкай у Беларусі, у тым ліку ў сьферы спорту. Гэтыя дзеяньні ня толькі пазбаўляюць грамадзян_ак асноўных правоў, такіх як свабода выказваньня меркаваньня і права на ўдзел у прафэсійнай дзейнасьці, але таксама ствараюць атмасферу страху і самацэнзуры і сьведчаць аб намеры дзяржавы здушыць любыя формы праяўленьня нязгоды.
Допуск беларускіх спарто_вак да міжнародных спаборніцтваў
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года востра стаіць пытаньне допуску беларускіх спарто_вак на розныя міжнародныя спаборніцтвы. У 2024 годзе ўсё яшчэ не быў распрацаваны і сфармуляваны адзіны падыход для прыняцьця рашэньняў аб допуску або нядопуску атлет_ак з Беларусі да міжнародных спаборніцтваў. Некаторыя спартовыя арганізацыі даюць атлет_кам магчымасьць прыняць удзел у турнірах пад іх эгідай на самым высокім узроўні, хоць і ў іншых умовах. Іншыя – прымаюць рашэньне аб поўнай забароне на ўдзел у спаборніцтвах, што зьяўляецца заканамерным адказам на паўсюднае парушэньне правоў чалавека ў краіне і ўдзел у вайне.

Алімпійскія і Паралімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы сталі адной з галоўных спартовых падзей гэтага года.
Упершыню з 1984 года ў Беларусі была адменена тэлевізійная трансляцыя Алімпіяды. Улады Францыі забаранілі асьвятляць АГ некаторым журналіст_кам зь Беларусі з-за падазрэньняў у шпіянажы.
Беларускія атлет_кі змаглі прыняць удзел у спаборніцтвах у нэўтральным статусе ў некаторых відах спорту. У прыватнасьці, World Sailing прынялі рашэньне аб допуску беларускіх спарто_вак да спаборніцтваў на АГ у нэўтральным статусе. ITF таксама абвясьцілі аб рашэньні допуску. Крытэрыі адбору адпавядалі ўмовам удзелу ў спаборніцтвах у нэўтральным статусе МАК.
У сваю чаргу МАК стварылі камісію, якая займалася праверкай адпаведнасьці беларускіх і расейскіх атлет_ак крытэрам нэўтральнасьці. Па выніку ў спаборніцтвах удзельнічалі 17 спарто_вак зь Беларусі. Атлет_кі зь Беларусі і Расеі ня ўдзельнічалі ў цырымоніі адкрыцьця АГ, бо яны зьяўляліся індывідуальнымі атлет_камі. Таксама мэдалі, заваяваныя нэўтральнымі спартоў_камі, не адлюстроўваліся ў агульным мэдальным заліку.
Спартоў_кі, якія выступалі ў нэўтральным статусе, апынуліся як бы «паміж двух агнёў», калі было неабходна прадэманстраваць вынік на спаборніцтвах, але таксама яны сутыкаліся з крытыкай з боку дзяржавы. «Людзі без радзімы. І без сумленьня – спартоўцы, якія здраджваюць. Такія паехалі на Алімпіяду пад белым сцягам капітулянтаў», – так выказалася ў адрас атлет_ак прадстаўніца беларускай прапаганды Volha Bondareva.
IIHF працягнулі рашэньне аб адхіленьні зборных Беларусі і Расеі на сезон 2024/25. Гэтае рашэньне таксама распаўсюджвалася на зборную Беларусі ў дачыненьні да фінальнага алімпійскага кваліфікацыйнага раунда. Рада IIHF прыйшлі да высновы, што ўдзел зборных на дадзеным этапе не зьяўляецца бясьпечным. Раней IIHF ужо заяўлялі, што турбуюцца аб бясьпецы саміх спарто_вак, у тым ліку зь Беларусі і Расеі, супрацоўні_ц і фанат_ак, аднак, што канкрэтна зьяўляецца пагрозай бясьпекі, не адзначалася. Рада IIHF «працягнуць сачыць за сітуацыяй», і пытаньне рэінтэграцыі зборных Беларусі і Расеі будзе разгледжана паўторна ў траўні 2025 года.
IBU заявілі, што не зьнімуць бан з беларускіх біятланіст_ак да заканчэньня вайны ва Украіне. Правілы спаборніцтваў IBU таксама не прадугледжваюць магчымасьць для ўдзелу атлет_ак у нэўтральным статусе.
World Aquatics, наадварот, дазволілі беларускім атлет_кам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у камандных дысцыплінах (эстафеты, групавыя дысцыпліны па сінхронным плаваньні, сінхронныя скачкі ў ваду). Для ўдзелу спартоў_кі павінны пацвердзіць свой нэўтральны статус.
Рашэньні міжнародных спартовых арганізацый, якія дазваляюць беларускім атлет_кам удзельнічаць у спаборніцтвах на звычайных умовах, могуць успрымацца як форма sportswashing – выкарыстаньня спартовых мерапрыемстваў для паляпшэньня рэпутацыі і стварэньня ілюзіі міжнароднага прызнаньня. Дэ-факта ўлады Беларусі могуць выкарыстоўваць такія меры для апраўданьня сваёй легітымнасьці і дэманстрацыі падтрымкі з боку сусьветнай супольнасьці, што недапушчальна ва ўмовах удзелу краіны ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і масавага парушэньня правоў чалавека ў краіне.
На наш погляд, рашэньні міжнародных арганізацый аб допуску спарто_вак зь Беларусі да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе дэманструюць намаганьні сусьветнай спартовай супольнасьці па ўтрыманьні адказнасьці за ўдзел у ваенных дзеяньнях, пры гэтым захоўваючы рэальную магчымасьць для ўдзелу атлет_ак у стартах. Гэтыя дзеяньні служаць напамінам аб тым, як спорт можа стаць інструмантам з мэтай міжнароднага ціску і прыцягненьня да адказнасьці за дзеяньні дзяржаў.
Рэкамендацыі
У заключэнні нашай гадавой аналітыкі аб стане спорту і правоў чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе, мы сфармулявалі шэраг рэкамендацый, якія патэнцыйна могуць паўплываць на сітуацыю і справакаваць зьмены.
Міжнародны ціск
- міжнародны ціск на беларускі ўрад з мэтай забесьпячэньня павагі і рэалізацыі асноўных правоў і свабод чалавека прадстаўні_ц спартовай індустрыі Беларусі (у прыватнасьці, абарона правоў палітзьняволеных і іх вызваленьне, спыненьне палітычных рэпрэсій, запісаў «пакаяных відэа», ціску і цэнзуры);
Увядзеньне санкцый
- увядзеньне санкцый супраць спартовых арганізацый і федэрацый, адрасныя санкцыі ў дачыненьні да чыноўні_ц у спартовым сектары Беларусі, на якіх ляжыць адказнасьць за парушэньні правоў чалавека;
Публічная салідарнасьць
- выказваньне салідарнасьці з боку міжнародных спартовых арганізацый і федэрацый, спарто_вак, і павышэньне дасьведчанасьці аб паўсюдным і сістэмным парушэньні правоў чалавека ў Беларусі;
Прававая падтрымка
- аказанне юрыдычнай дапамогі і падтрымкі атлет_кам, якія падвяргаюцца перасьледам у Беларусі;
Байкатаваньне міжнародных спаборніцтваў
- байкатаваньне міжнародных спартовых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Беларусі або з удзелам Беларусі, у тым ліку для немагчымасьці выкарыстаньня глябальных спартовых мерапрыемстваў з мэтай легітымізацыі аўтарытарнага рэжыму;
Распрацоўка адзіных крытэрыяў для допуску спарто_вак да міжнародных спаборніцтваў
- міжнародныя спартовыя арганізацыі павінны прадоўжыць работу над выпрацоўкай дакладных і справядлівых крытэрыяў для допуску спарто_вак зь Беларусі;
Падтрымка грамадзянскай супольнасьці
- узмацненьне падтрымкі арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якія працуюць на скрыжаваньні тэмаў правоў чалавека і спорту, каб пашырыць іх магчымасьці і садзейнічаць зьменам знутры;
Асьвятленьне ў СМІ
- пастаяннае асьвятленьне ў СМІ фактаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку тых, якія накіраваны супраць атлет_ак, для таго, каб міжнародная супольнасьць заставалася інфармаванай і зацікаўленай;
Доўгатэрміновы ўдзел
- прызнаньне таго факта, што вырашэньне праблемы парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, запатрабуе пастаяннага ўдзелу і прыхільнасьці з боку міжнароднай супольнасьці.
Пасьля новай хвалі рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх грамадзян_ак пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якая пацягнула паўсюднае і беспрэцэдэнтнае парушэньне правоў чалавека, і ў перыяд удзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, мы лічым такія інструманты ўплыву, як дыялог і перамовы з дзяржаўнымі інстытутамі Беларусі, неэфектыўнымі і немагчымымі.