Введите верный e-mail адрес
Подписаться
Вы успешно подписались на нашу рассылку

Спорт і правы чалавека: квартальная аналітыка кастрычнік-сьнежань 2024

Human Constanta
7 мая 2025 Года

Сьпіс аббрэвіятур

  • ААН – Арганізацыя аб’яднаных нацый
  • МАК – Міжнародный алімспійскі камітэт
  • DFD – Deutscher Fußball-Bund
  • FA – English Football Association
  • FFK – Federata e Futbollit e Kosovës
  • FIA – Federation Internationale de l’Automobile
  • FIFA – Fédération Internationale de Football Association
  • FIFPRO – The Fédération Internationale des Associations de Footballeurs Professionnels
  • FRF – Federația Română de Fotbal
  • IBU – International Biathlon Union
  • NCAA – National Collegiate Athletics Association
  • NHL – National Hockey League
  • UEFA – The Union of European Football Associations
  • WDF – World Darts Federation
  • WSL – Women’s Super League

Уводная

У гэтым дакумэнце мы прааналізавалі найбольш значныя падзеі і навіны ў спорце за кастрычнік-сьнежань 2024 года праз прызму міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.

Для Беларусі актуальным застаецца пытаньне (не)допуску спарто_вак на міжнародныя спаборніцтвы. У гэтай галіне неабходна вызначэньне адзінага падыходу і крытэрыяў допуску, каб усебакова ўлічваць правы атлет_ак, але таксама факт удзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Дэ-факта ўлады краіны працягваюць практыку перасьледаў у дачыненьні да нязгодных з рэжымам прадстаўні_ц індустрыі. Такім чынам, у Беларусі захоўваецца сістэматычнае парушэньне правоў чалавека ў спорце, што ў сваю чаргу прыводзіць да стагнацыі індустрыі і патрабуе пасьлядоўных намаганьняў для забесьпячэньня і абароны ўніверсальных правоў чалавека.

У аналізаваны перыяд мы назіраем тэндэнцыю да большай падтрымкі правоў жанчын у спорце праз павелічэньне фінансаваньня, бачнасьці і доступу, прыняцьце адпаведных палітык і стварэньне ініцыятыў. Гэта спрыяе забесьпячэньню правоў чалавека на справядлівыя і роўныя ўмовы працы, здароўе, недыскрымінацыю.

Прынцыпова важным зьяўляецца падыход да пытаньняў інклюзіі і роўнасьці. Мы можам назіраць, як гул_іні, фанат_кі і іншыя ўдзельні_цы спартовых мерапрыемстваў могуць быць як ахвярамі праяваў расізму і іншых формаў дыскрымінацыі, так і іх крыніцамі. Прадстаўні_цы ЛГБТК+ супольнасьці таксама працягваюць сутыкацца з дыскрымінацыяй і перасьледамі. У гэтай галіне вельмі важным зьяўляецца падвышэньне бачнасьці прадстаўні_ц уразьлівых груп, адукацыя з мэтай пераадоленьня стэрэатыпаў для таго, каб у сьвеце спорту кожн_ая маглі адчуваць сябе бясьпечна і свабодна.

Актуальным застаецца пытаньне мэнтальнага здароўя. Усё больш атлет_ак выказваюцца аб значнасьці клопату аб сваім мэнтальным здароўі і спрыяюць пераадоленьню стыгмы. Гэта пацьвярджае важнасьць мэнтальнага здароўя як неад’емнай часткі дабрабыту спарто_вак, нараўне з фізічным станам. Падтрымка павінна быць забясьпечана на ўсіх узроўнях і намаганьнямі ўсіх зацікаўленых актар_ак – саміх гул_інь, заўзятар_ак і асабліва спартовых федэрацый і арганізацый пасродкам укараненьня практык і палітык для абароны права на здароўе.

Адной са значных тэм зьяўляецца і бясьпека на спартовых мерапрыемствах. Некалькі трагічных інцыдэнтаў падкрэсьліваюць, наколькі важна забясьпечыць абарону здароўя, бясьпекі і жыцьця як гул_інь, так і глядач_ак. Недастатковая падрыхтаванасьць і адсутнасьць мер рэагаваньня з боку ўладаў нагадваюць аб неабходнасьці адпаведнасьці ўмоў правядзеньня мерапрыемстваў асноўным міжнародным дакумэнтам у гэтай галіне для забесьпячэньня патрэбных умоў з боку арганізатар_ак і дзяржаў, каб гарантаваць правы на здароўе, бясьпеку і жыцьцё.

Важнымі прыкладамі зьяўляюцца намаганьні спартовых клюбаў і брэндаў, якія выкарыстоўваюць сваю папулярнасьць і рэсурсы для падтрымкі сацыяльных ініцыятыў. Выпуск футбольнай формы для падтрымкі ў барацьбе з ракам, дапамогі пацярпелым ад стыхійных бедстваў або іншых гуманітарных акцый сьведчыць аб значнасьці спорту як плятформы для прасоўваньня сацыяльных каштоўнасьцей. У гэтым кантэксце спартовая форма становіцца ня толькі сімвалам каманднай ідэнтычнасьці, але і магутным інструмантам для станоўчых зьмен у грамадстве і прыцягненьня ўвагі да важных пытаньняў.

У аналізаваны перыяд мы таксама адзначылі дыскусіі на тэму перагружанасьці календара спаборніцтваў у футболе і неадпаведнасьці ўмоў правядзеньня турніраў стандартам у галіне правоў чалавека, намаганьні па забесьпячэньні разнастайнасьці на розных узроўнях у спорце, барацьбу з нянавісьцю і клопат аб фанат_ак з боку клюбаў. На фоне гэтых зьменаў усё больш відавочным становіцца той факт, што спорт ня можа і не павінен заставацца ізаляваным ад сацыяльных працэсаў. Важна, каб спорт працягваў развівацца як інклюзіўная і раўнапраўная сфера, якая садзейнічае прагрэсу ў пытаньнях роўнасьці, справядлівасьці і правоў чалавека.

Правы чалавека ў спорце ў Беларусі

Галоўны трэнер «Нёмана» Igor Kavalevich выказаўся аб сваім падыходзе да кіраваньня ў клюбе: «У камандзе не павінна быць гнід. Калектыў фармуе старая гвардыя. Я падтрымліваю здаровую дзедаўшчыну, вітаю. Сам прайшоў школу савецкага войска». Такі састарэлы і жорсткі падыход да кіраван ьня супярэчыць прынцыпам павагі чалавечай годнасьці і роўнасьці, замацаваным у міжнародных стандартах правоў чалавека, і садзейнічае дыскрымінацыі і прыгнечаньню асобы ў калектыве.

Футбаліст Andrei Salavey быў асуджаны да 2 гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пазьней Salavey быў унесены сьпіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці. Крымінальны перасьлед Andrei Salavey зьяўляецца прыкладам сістэмнага ціску на прадстаўні_ц спартовай індустрыі, якія выказваюць нязгоду з дзейным рэжымам у краіне, і грубым парушэньнем правоў на свабоду выказваньня меркаваньня і сходаў.

Журналіст і заснавальнік свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі SOS BY Andrei Hnet аказаўся на волі пасьля пагрозы экстрадыцыі з Сербіі ў Беларусь. Нагадаем, раней Hnet быў затрыманы ў Бялградзе па запыце беларускага бюро Інтэрпола ў сувязі з крымінальным перасьледам. Hnet быў эвакуіраваны з Сербіі ў ЭЗ.

Раней Instagram-акаўнт Hnet быў унесены ў пералік «экстрэмісцкіх» матэрыялаў РБ.

Вызваленьне Andrei Hnet і прадухіленьне яго экстрадыцыі стала прыкладам пасьпяховай абароны права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, замацаванага ў артыкуле 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У трэцім туры этапа Лігі канферэнцый «Дынама-Мінск» сустрэліся з Legia Warszawa. Пасьля заканчэньня матчу заўзятар_кі Legia апублікавалі заяву і падтрымалі беларус_ак, у якіх ахова стадыёна забралі банэры супраць рэжыму і дыктатуры: «Ёсць тэмы, якія павінны быць па-за рознагалосьсямі – барацьба за фундаментальныя каштоўнасьці, такія як свабода слова, выказаная гасьцямі на стадыёне ў Польшчы, таму што ў сябе дома за такія банэры яны патрапілі б у калёнію. <…> Учорашнія паводзіны клюба – гэта трагедыя і ганьба».

Фанат_кі Legia таксама выкарыстоўвалі банэры і лозунгі супраць рэжыму ў Беларусі. UEFA аштрафавалі клюб на 17500€, бо палічылі, што плакаты «не адпавядалі характару спартовага мерапрыемства».

Падтрымка польскіх заўзятар_ак у абароне фундаментальных правоў паказала міжнародную салідарнасьць з беларус_камі, якія падвяргаюцца рэпрэсіям. Рашэньне UEFA аб штрафе адпавядае дысцыплінарным правілам саюза, аднак супярэчыць духу недыскрымінацыі і свабоды выказваньня меркаваньня.

IBU заявілі, што не зьнімуць бан з беларускіх і расейскіх біятланіст_ак да заканчэньня вайны ва Украіне. Правілы спаборніцтваў IBU таксама не прадугледжваюць магчымасьць для ўдзелу атлет_ак у нэўтральным статуце.

У сваю чаргу, World Aquatics дазволілі беларускім і расейскім атлет_кам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у камандных дысцыплінах (эстафеты, групавыя дысцыпліны па сінхронным плаваньні, сінхронныя скачкі ў ваду). Для ўдзелу спартоў_кі павінны пацьвердзіць свой нэўтральны статус.

Рашэньні IBU і World Aquatics ілюструюць розны падыход да ўдзелу ў спаборніцтвах атлет_ак з краін, уцягнутых у канфлікт. Хоць поўная забарона на ўдзел у спаборніцтвах пазбаўляе спарто_вак магчымасьці рэалізацыі свайго патэнцыялу на самым высокім узроўні, але зьяўляецца заканамерным адказам на паўсюднае парушэньне правоў чалавека ў краіне і ўдзел у вайне, у той час як допуск атлет_ак у нэўтральным статусе дае ім магчымасьць спаборнічаць, хоць і ў іншых умовах, і зьмяншае ступень ізаляцыі беларускага спорту.

Апісаныя прыклады сьведчаць аб працяглых палітычных рэпрэсіях і абмежаваньні фундаментальных свабод у Беларусі. Пакараньне за выказваньне меркаваньня, перасьлед спарто_вак, журналіст_ак і іншых прадстаўні_ц спартовай індустрыі супярэчаць асноўным міжнародным стандартам правоў чалавека, уключаючы права на свабоду выказваньня меркаваньня і сходаў, права на працу, абарону ад дыскрымінацыі.

Правы жанчын у спорце

На фоне барацьбы з ракам грудзей Katie Schumacher-Cawley ўвайшла ў гісторыю – яна прывяла Універсітэт штата Пенсільванія да перамогі ў Чэмпіянаце NCAA па валейболе сярод жанчын упершыню з 2014 года.

Allie Coyle стала першай жанчынай, якая прывяла мужчынскую футбольную каманду да тытула Чэмпіёна штата Мэрыленд. Гульцы падтрымалі трэнерку, заявіўшы, што для жанчын гэта «крок у правільным кірунку».

У Formula-1 усе інжынер_кі на камандным мастку могуць мець зносіны з дапамогай радыё, аднак, па агульным правіле, падчас гонкі кажуць інжынеры-мужчыны. Laura Mueller стане першай жанчынай-гоначным інжынерам у гісторыі F1, хто будзе даваць усе ўказаньні гоншчыку і чый голас будзе транслявацца ў радыёперамовах.

Падобныя прыклады пацьвярджаюць тэндэнцыю да разбурэньня гендэрных стэрэатыпаў у спорце. Гэтыя крокі спрыяюць прасоўваньню гендэрнай роўнасьці, замацаванай у Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, а таксама падкрэсліваюць важнасьць стварэньня роўных магчымасьцяў для жанчын, што зьяўляецца асноватворным прынцыпам правоў чалавека.

Жаночае дэрбі ў Мілане ўпершыню прайшло на стадыёне San-Siro. Паколькі папулярнасьць жаночага футбола расьце ва ўсім сьвеце, жаночыя каманды атрымліваюць усё больш фінансаваньня і падтрымкі, у тым ліку – магчымасьць гуляць на галоўных стадыёнах. Гэта вялікі і важны крок для павышэньня бачнасььці ня толькі для гулінь міланскіх клюбаў, але і для жаночага італьянскага футбола ў цэлым.

Упершыню ўсе матчы чэмпіянату WSL і Women’s Championship правялі на галоўных стадыёнах кожнага клюба. WSL дасягнулі рэкордных паказчыкаў наведвальнасьці ў лізе ў мінулым сезоне, і павелічэньне колькасьці матчаў на галоўных стадыёнах адыграла значную ролю для такога выніку.

Brighton пачнуць будаўніцтва першага ў Ангеліі стадыёна спецыяльна для жанчын у 2026 годзе. Клюб атрымаў дазвол на будаўніцтва стадыёна ў 2023 годзе, стаўшы першым клюбам у Ангеліі і адным з нямногіх ва ўсім сьвеце, хто рэалізуюць падобную ініцыятыву.

Такім чынам, мы можам назіраць, як расьце падтрымка жаночага спорту. Такія рашэньні паляпшаюць доступ жанчын да якасных умоваў, павялічвае іх бачнасьць і ўмацоўвае іх права на ўдзел у грамадскім жыцьці.

UEFA павялічылі прызавы фонд EURO-2025 сярод жанчын на 156% (€41m). Для параўнаньня, прызавы фонд у 2017 годзе складаў €8m. Нягледзячы на ​​тое, што гэта значнае рашэньне, якое спрыяе развіцьцю жаночага футбола ў Эўропе, жаночы прызавы фонд усё яшчэ нашмат ніжэй мужчынскага – ён складае €300m.

WSL заключылі рэкордную здзелку на трансляцыю чэмпіянату WSL і Women’s Championship са Sky і BBC на суму £65m на 5 год (гэта на 60% больш за папярэднюю дамову). Гэта найбуйнейшае ў гісторыі партнёрства ў сферы трансляцый у ангельскім жаночым футболе.

Netflix набылі эксклюзіўныя правы на трансляцыю жаночага Чэмпіянату сьвету ў 2027 і 2031 гадах у ЗША. Пагадненьне зьяўляецца самым значным з усіх, якія футбольны кіруючы ворган сбвету падпісаў з струменевай плятформай для буйнога турніру, і асабліва цікава тым, што звычайна ЧС транслююцца па бясплатных грамадскіх сетках, каб ахапіць самую вялікую аўдыторыю па ўсім сьвеце. Netflix таксама плянуюць выпусціць дакументальны серыял аб жаночым футболе.

Рэкордныя здзелкі на трансляцыі і павелічэньне прызавых фондаў садзейнічаюць папулярызацыі жаночага спорту і падвышаюць фінансавую стабільнасьць для спарто_вак. Аднак разрыў у прызавых фондах указвае на неабходнасьць далейшых дзеяньняў для дасягненьня роўнасьці і гарантыі роўнай аплаты працы і доступу да рэсурсаў.

FA запусьцілі новую трэнерскую ініцыятыву для павышэньня разнастайнасьці ў жаночым футболе. Праграма прапануе стажыроўкі шасьці трэнеркам-пачаткоўцам з маргіналізаваных супольнасьцяў і рэалізуецца ў партнёрстве з шасьцю клюбамі жаночай нацыянальнай лігі FA.

Такія праграмы важныя для ліквідацыі бар’ераў, пашырэньня доступу да магчымасьцей у спорце і адпавядаюць прынцыпу роўнасьці магчымасьцей і недыскрымінацыі, замацаванаму ў міжнародных стандартах, уключаючы Канвенцыю аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі.

DFB прынялі палітыку падтрымкі для цяжарных гулінь і маці ў адпаведнасьці з рэкамендацыямі FIFA. Правілы FIFA усталёўваюць глябальны стандарт для абароны ўмоў працы жанчын-гульцоў. Так, DFB далучыліся да іншых федэрацый і клюбаў, якія рэалізуюць праграмы падтрымкі цяжарных гулінь і маці. Такія меры забясьпечваюць дастойныя ўмовы працы для жанчын і ўсталёўваюць прэцэдэнт для іншых спартовых арганізацый.

Her Sport запусьцілі кампанію “Do It For Her”. Мэта кампаніі – дапамагчы кожнай дзяўчыне і жанчыне адчуваць сябе часткай спорту і мець тыя ж магчымасьці, што і іх калегі-мужчыны, выкарыстоўваючы сілу спорту для раскрыцьця патэнцыялу. Па дадзеных Her Sport, 50% дзяўчынак кідаюць спорт да 20 гадоў, а 94% жанчын на кіруючых пасадах раней займаліся спортам. Спорт зьяўляецца ня толькі сродкам раскрыцьця асабістага патэнцыялу, але і інструментам пераадоленьня гендэрнай няроўнасьці, што робіць такія праграмы вельмі важнымі для ўмацаваньня правоў жанчын і павышэньня іх уцягнутасьці ў спорт.

Toronto Sceptres правялі акцыю ў гонар Erica Howe, канадскай прафэсійнай гуліні ў хакей, якая змагаецца з ракам грудзей, – сумесна з Bravado Designs яны ахвяравалі бюстгальтары на суму $60000 у шэлтэры для жанчын па ўсім Таронта.

Michele Kang, прадпрымальніца і ўладальніца некалькіх спартовых каманд, ажыцьцявіла гістарычную дабрачынную інвестыцыю ў праграмы жаночага футбола і футбола для дзяўчынак – яна паабяцала вылучыць US Soccer $30m на працягу наступных 5 год. Інвестыцыі Kang дазволяць пашырыць магчымасьці для ўдзелу маладых гулінь у спаборніцтвах, стымуляваць прафэсійнае разьвіцьцё гулінь, трэнерак і жанчын-суддзяў. “Я імкнуся падвысіць стандарт майстэрства ў жаночым футболе – як на полі, так і за яго межамі – падаючы спартоўкам рэсурсы, неабходныя для раскрыцьця іх поўнага патэнцыялу, і акружаючы іх прафэсійнай падтрымкай, якой яны заслугоўваюць”, – пракаментавала сваё рашэньне Kang. Падобныя інвестыцыі адкрываюць новыя магчымасьці для жанчын і дзяўчынак-спартовак, умацоўваючы іх права на роўны доступ да прафэсійнага разьвіцьця.

Жанчыны ў спорце працягваюць дасягаць гістарычных вышынь, што дэманструе прагрэс ва ўхіленьні гендэрнай няроўнасьці. Падтрымка жаночага спорту праз фінансаваньне, разьвіцьцё інфраструктуры і забесьпячэньне больш справядлівых і роўных умоў працы ўмацоўвае правы жанчын, гарантаваныя асноўнымі міжнароднымі дакумэнтамі ў сферы правоў чалавека.

Правы ЛГБТК+ людзей у спорце

Chelsea FC асудзілі гамафобныя каментары ў адрас Samantha Kerr пасьля таго, як яна абвясьціла, што разам з Kristie Mewis яны чакаюць дзіця. «У Chelsea Pride мы выступаем супраць любога акту гамафобіі з непахіснай сілай і запалам. <…> Гэта наша гульня, наш клюб і наша непахісная прыхільнасьць: Нянавісьць ніколі не пераможа тут. Мы заўсёды будзем выступаць за каханьне, адзінства і інклюзіўную будучыню футбола», – гаворыцца ў заяве клюба.

Рэакцыя клюба дэманструе значнасьць публічнага асуджэньня дыскрымінацыі. Падобныя заявы спрыяюць забесьпячэньню інклюзіі і ствараюць бясьпечную прастору для ЛГБТК+ спарто_вак.

Barbra Banda, футбалістка, якая выступае за Orlando Pride, перамагла ў намінацыі «Футбалістка года» па версіі BBC. Нягледзячы на ​​тое, што Banda зьяўляецца цысгендэрнай жанчынай, яна сутыкнулася з абвінавачваньнямі – нібыта ўзнагароду атрымала транс-жанчына, а намінацыя BBC – «здзек з усіх цысгендэрных жанчын». Гэтую ілжывую інфармацыю актыўна сталі распаўсюджваць у сетцы. Ілжывыя абвінавачваньні ў адрас Barbra Banda ілюструюць праблему прадузятасьці і высокага ўзроўню дэзінфармацыі ў дачыненьні да жанчын і ЛГБТК+ атлет_ак, што супярэчыць прынцыпу роўнасьці і парушае права на абарону ад дыскрымінацыі і неўмяшаньня ў асабістае жыцьцё.

ADF International накіравалі ў МАК адкрыты ліст, падпісаны больш за 40 000 чалавек, і заклікалі да «абароны жаночага спорту», ​​выказаўшы занепакоенасьць з нагоды меркаванага ціску з-за дазволу транс-жанчынам удзельнічаць у спаборніцтвах у жаночых катэгорыях. У лісьце сьцьвярджаецца: «Мужчыны і жанчыны розныя. Іх фізічныя адрозненьні даюць мужчынам атлетычныя перавагі ў спорце. Навуковыя даследаваньні працягваюць прызнаваць гэтую рэальнасьць». Паводле справаздачы Спецдакладчыка ААН па пытаньні гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак, жанчыны «пазбыліся» больш за 890 медалёў у 29 відах спорту на карысьць транс-жанчын.

Дартсменка Deta Hedman у сваіх сацсетках заклікала забараніць трансгендэнрным гуліням ўдзельнічаць у спаборніцтвах сярод жанчын. Яна заявіла, што ёй было цяжка гуляць з транс-жанчынамі, а рашэньне аб іх допуску да спаборніцтваў «было няправільным з самага пачатку». Заява Hedman стала рэакцыяй на ўдзел Victoria Monaghan у жаночым турніры Чэмпіянату свету WDF. Раней трансгендэрная дартсменка Noa-Lynn van Leuven падзялілася сваімі перасьцярогамі аб выключэньні яе з жаночых турніраў пасьля галасаваньня арганізацый-членаў WDF па гэтым пытаньні.

Аднак, «фізічныя адрозненьні» не зьяўляюцца адзіным крытэрам наяўнасьці або адсутнасьці пераваг у атлет_ак. На дадзены момант даследаваньняў, якія б пацьвярджалі абсалютную перавагу транс-жанчын, не хапае. Выключэньне трансгендэрных спарто_вак са спаборніцтваў спрыяе стыгматызацыі і парушае фундаментальнае права на ўдзел у спорце. Спорт павінен быць бясьпечнай прасторай для ўсіх без якога-небудзь выключэньня, таму намаганьні па забесьпячэньні роўнага доступу і прызнаньні для транс-персон неабходныя.

Прадстаўніцы ЛГБТК+ супольнасьці працягваюць сутыкацца з дыскрымінацыяй і непрыманнем. Стварэньне інклюзіўнага асяродьдзя патрабуе ўсьвядомленых і сістэмных намаганьняў, такіх як публічныя падтрымка спарто_вак і асуджэньне дыскрымінацыі, распрацоўка справядлівых і празрыстых працэдур і палітык. Высілкі па дужаньні з гамафобіяй і трансфобіяй у спорце неабходны для забесьпячэньня роўнага доступу і магчымасьцяў для ўсіх атлет_ак, прызнаньня іх вартасьці і права на самаідэнтыфікацыю.

Расізм і іншыя формы дыскрымінацыі

Arsenal FC на 3 гады забаранілі наведваць усе матчы клюба фанату, Charles Ogunmilade, які напісаў абразлівы пост ў сацсетцы X у адрас Thomas Partey. Ogunmilade таксама прадпісана выплаціць штраф і судовыя выдаткі на агульную суму £260. Фанат, які сам зьяўляецца цёмнаскурым чалавекам, сьцьвярджае, што яго пост быў «сацірай на тое, што мог бы сказаць белы расіст».

Падчас матчу Ladies Cup Candela Diaz з River Plate паказала некалькі малпавых жэстаў болбою. Футбалістка перайшла да абраз пасьля таго, як хлопчык падказаў суддзі, каго з аргенцінак трэба выдаліць за парушэньне правілаў. Diaz была арыштаваная разам з 3 сакамандніцамі. Гуліні з каманды-суперніка Grêmio пакінулі поле ў знак пратэсту. Пазьней Ladies Cup адхілілі River Plate ад удзелу ў турніры тэрмінам на 2 гады.

Гульцы зборнай Косава пакінулі поле за некалькі хвілін да заканчэньня матча, бо заўзятар_кі зборнай Румыніі вывесілі сьцяг Сербіі і выкарыстоўвалі прасербскія скандаваньні. Апеляцыйная рада UEFA прынялі рашэньне аб накладаньні штрафу на FRF у памеры 128000€ і закрыцьці стадыёна падчас наступнага матчу за расісцкія і/ці дыскрымінацыйныя паводзіны заўзятар_ак і іншыя парушэньні. Матч быў прызнаны не адбыўшымся па віне FFK.

У сваёй заяве з нагоды матчу FRF згадалі той факт, што ў рашэньні, прынятым Дысцыплінарным камітэтам UEFA з нагоды аналагічнага інцыдэнту падчас леташняга матчу, выразна паказана, што лозунг «Косава – гэта Сербія» ня можа быць кваліфікаваны як расісцкі і, такім чынам, ня можа ініцыяваць трохэтапную працэдуру.

Дыскрымінацыйныя праявы могуць пагражаць асноўным прынцыпам справядлівасьці і роўнасьці. З улікам адсутнасьці адзінага падыходу ў інтэрпрэтацыі такіх праяваў з боку паўнамоцных арганізацый неабходна распрацоўка адзіных, празрыстых і строгіх стандартаў па пытаньнях прымяненьня санкцый.

Фанат_кі Leeds United сьпявалі пра антыпалестынскую песьню ў падтрымку ізраільскага гульца Manor Solomon на матчы са Stoke City F.C. Leeds United асудзілі паводзіны заўзятар_ак: «Дыскрымінацыйныя выказваньні ці скандаваньні недапушчальныя, і такім чынам заўзятар_кі могуць парушыць закон».

Хвіліна маўчаньня перад матчам Rot-Weiss Essen — VfB Stuttgart была парушана фанацкім выкрыкам «Германія для немцаў». Стадыён адрэагаваў лозунгам: «Нацысты – прэч!» Рэакцыя заўзятар_ак дэманструе сілу салідарнасьці і пацьвярджае значнасьць актыўнай пазіцыі глядач_ак і ўсіх прадстаўні_ц індустрыі ў стварэньні інклюзіўнага асяродьдзя, вольнага ад нянавісьці.

Расізм і іншыя формы дыскрымінацыі працягваюць заставацца актуальнай праблемай у спорце. Такія інцыдэнты падкрэсьліваюць важнасьць прыняцьця строгіх і зразумелых правіл, актыўнага ўмяшаньня з боку ўсіх зацікаўленых бакоў – спартовых арганізацый, федэрацый, гул_іньа, заўзятар_ак і іншых прадстаўні_ц індустрыі. Прыняцьце мер у адказ на дыскрымінацыю садзейнічае абароне прынцыпаў роўнасьці і павагі чалавечай годнасьці.

Права на здароўе

Brian Graham, галоўны трэнер жаночага Patrick Thistle і капітан мужчынскага клюба, заклікае да паляпшэньня падтрымкі мэнтальнага здароўя ў прафэсійным футболе. Ён падкрэсліў той факт, што ў футболе заўсёды ёсьць схаваны бок, які не бачаць іншыя людзі, гул_іням патрэбныя падтрымка і бясьпечная прастора, і хоць людзі сталі казаць пра мэнтальнае здароўе больш адкрыта, але стыгма ўсё яшчэ захоўваецца. Праблемы мэнтальнага здароўя могуць нашкодзіць кар’еры гул_іні ў той жа ступені, што і фізічнага. Graham лічыць, што неабходна падвысіць дасьведчанасьць аб даступнай дапамозе, забясьпечыць наяўнасьць спецыяліст_ак у кожным клюбе, хоць зрабіць гэта можа быць ня проста, асабліва ў невялікіх клюбах. «Як мэнэджар і капітан, я бачу сваю ролю ў тым, каб быць апорай для ўсіх астатніх у распранальні, і я заўсёды вазьму трубку, калі камусьці трэба вымавіцца».

CJ Stroud эмацыйна адрэагаваў на траўму свайго сукамандніка Tank Dell падчас матчу Houston Texans — Kansas City Chiefs. Пазьней ён распавёў, як гэта – апынуцца ў такой уразьлівай сітуацыі перад усім сьветам, і заявіў, што ганарыцца тым, што не стаў хаваць сваіх эмоцый. Stroud падкрэсліў, што лічыць важным быць адкрытым у тым ліку для новых пакаленьняў, якіх могуць вучыць хаваць сваю эмацыйнасьць ці прыгнечанасьць, хоць ўсе могуць сутыкацца з цяжкасьцямі ў жыцьці.

Былы прафэсійны футбаліст Jonatan Tollas Nation дапамагае маладым гул_іням з дапамогай прыкладаньня для трэніроўкі мэнтальнага стану. Прыкладаньне Mindbuddy было распрацавана пры ўдзеле спартовага псіхолага і экспертаў з тэхналягічнай галіны. «Я хачу, каб людзі зразумелі каштоўнасьць мэнтальнай падрыхтоўкі, паколькі, на мой погляд, у спорце існуе вялікая памылка на гэты конт», – заявіў Nation. На дадзены момант прыкладаньне знаходзіцца на стадыі тэставаньня ў трох клюбах, сярод 180 гульцоў футбольнай акадэміі ў Нарвегіі.

Падтрымка мэнтальнага здароўя ў спорце становіцца ўсё больш актуальнай тэмай. Усё больш людзей, у тым ліку трэнер_ак і гул_інь, прызнаюць, што мэнтальны стан спарто_вак не меней важны, чым фізічны. Ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэньне дасьведчанасьці аб мэнтальных праблемах гуляюць адну з ключавых роляў у падтрымцы дабрабыту атлет_ак. Важна, каб спартовыя арганізацыі працягвалі разьвіваць гэтыя практыкі, ухіляючы стыгму і ствараючы ўмовы для паўнавартаснага клопату аб здароўі.

Бясьпека, абарона і абслугоўваньне падчас спартовых мерапрыемстваў

Удар маланкі падчас матчу паміж Juventud Bellavista і Familia Chocca забіў футбаліста Hugo De La Cruz у Перу, ён сканаў па дарозе ў лякарню. 5 іншых гульцоў былі паранены і шпіталізаваны. Гульня была спынена пасьля першага ўдару маланкі, але другі ўдар патрапіў у гульцоў, калі яны пакідалі поле. Адказнасьць за бясьпеку на спартовых мерапрыемствах ляжыць на арганізатар_ках і ўладах, якія павінны прадугледжваць такія рызыкі, як зьявы надвор’я. Своечасовае спыненьне гульні магло б прадухіліць трагедыю. Канвенцыя Савета Эўропы па бясьпецы на спартовых мерапрыемствах падкрэсьлівае важнасьць абароны ўдзельні_ц, заўзятар_ак і іншых прысутных. У дадзеным выпадку трагічны інцыдэнт стаў сьледствам недастатковай падрыхтоўкі і адсутнасьці сістэмы своечасовай рэакцыі на пагрозы бясьпецы.

Перад матчам AFC Ajax — Maccabi Tel Aviv FC і пасьля яго ў Амстэрдаме здарыліся беспарадкі сярод фанат_ак як з прапалестынскай пазіцыяй, так і з праізраільскай. Фанат_кі выкарыстоўвалі розныя лозунгі, зрывалі сьцягі на вуліцах, ужывалі гвалт. І хаця паліцыя арыштавалі больш за 60 чалавек, непасрэдна ў момант канфлікту яны не змаглі справіцца са сваімі абавязальніцтвамі, каб прадухіліць і спыніць гвалт. Пазьней 4 мужчын былі прыгавораны да турэмных тэрмінаў да 6 месяцаў зьняволеньня і яшчэ 1 мужчына – да грамадскіх работ. Беспарадкі маглі быць папярэджаны праз больш эфектыўнае кіраваньне натоўпам і прыняцьце праактыўных мер для абароны ўсіх удзельні_ц.

Па дадзеных праваабарончых арганізацый, у выніку цісканіны больш за 135 чалавек, большасьць з якіх дзеці, загінулі на футбольным стадыёне ў Гвінеі, дзе кіруе ваенная хунта. Афіцыйная колькасьць загінуўшых – 65. Міністр юстыцыі Yaya Kaïraba Kaba заявіў, што ўсе, хто распаўсюджваюць «неправераную або шкоднасную інфармацыю», будуць арыштаваныя і прыцягнутыя да адказнасьці. Сьмяротны інцыдэнт адбыўся пасьля спрэчнага судзейскага рашэньня, якое прывяло да гвалту. Паліцыя адрэагавалі слёзатачывым газам у бок тых, хто спрабавалі бегчы. Праваабаронцы таксама заявілі, што аўтамабілі, якія перавозілі афіцыйных асоб, якія пакідалі стадыён, таксама зьбівалі грамадзян_ак, якія спрабавалі выратавацца ўцёкамі.

Недастатковая падрыхтаванасьць, а таксама неадэкватнае рэагаваньне на надзвычайную сітуацыю прывялі да трагедыі. У такой сітуацыі ўладам неабходна ставіць у прыярытэт прыняцьце мераў для дапамогі пацярпелым, не барацьбу з «неправеранай» інфармацыяй. Падобнае бяздзеяньне бязумоўна парушае асноўныя правы чалавека – права на жыцьцё, здароўе і бясьпеку. Арганізатар_кі мерапрыемстваў, прадстаўні_цы ўлады і праваахоўных ворганаў павінны забясьпечваць наяўнасьць адпаведных стандартаў і практык, замацаваных у міжнародных дакументах.

Crystal Palace стаў першым футбольным клюбам у сьвеце, які прапанаваў пастаянныя тэхналёгіі заўзятар_кам з парушэньнямі зроку. Для гэтых мэт выкарыстоўваецца гарнітура Give Vision, яна выкарыстоўвае прыватную сетку 5G на стадыёне Selhurst Park, транслюючы гульню ў рэжыме рэальнага часу, дазваляючы не прапускаць ніводнай важнай падзеі. Гарнітура працуе шляхам стымуляцыі фотарэцэптарных клетак сятчаткі вачэй. У будучым плануецца ўкараніць дадзеную тэхналёгію і ў іншых клюбах Прэм’ер-лігі. Гэта важны крок у бок інклюзіўнасьці і даступнасьці для ўсіх заўзятар_ак і падкрэсьлівае значнасьць укараненьня тэхналёгій, якія садзейнічаюць роўнаму і паўнацэннаму ўдзелу ў грамадскім жыцьці для ўсіх.

Апісаныя прыклады паказваюць на важнасьць прыняцьця комплексных мер, якія могуць абараніць усіх удзельні_ц спартовых мерапрыемстваў ад магчымых пагроз. Міжнародныя нормы, такія як Канвенцыя Савета Эўропы па адзіным падыходзе да бясьпекі, абароны і абслугоўваньня падчас спартовых мерапрыемстваў, адыгрываюць важную ролю ў працэсе абароны асноўных правоў чалавека на спартовых стадыёнах.

Спартовая форма і правы чалавека

Adidas і жаночая каманда Bayern Munich сумесна з LeGer прадставілі спецыяльны камплект формы з мэтай павышэньня дасьведчанасьці аб раку грудзей і яго прафілактыцы. Даходы ад продажу камплекта і збору сродкаў будуць накіраваны ў Нямецкае таварыства па барацьбе з ракам малочнай залозы.

Levante UD выпусьцілі камплект формы для падтрымкі ліквідатар_ак наступстваў паводкі ў Валенсіі. Футболкі дасяжныя ў продажы, а грошы адправяць на дапамогу пацярпелым.

Valencia CF згулялі ў чорнай форме на матчы з Real Betis у знак жалобы па загінуўшых і салідарнасьці з пацярпелымі. Форма зьмяшчала спецыяльныя пасланьні з напамінам і неабходнасьці дапамогі. Клюб сумесна з MatchWornShirt таксама запусьцілі дабрачынны аўкцыён, дзе можна набыць футболкі. 100% выручкі перададуць на дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад паводкі, для вяртаньня да заняткаў спортам і вучобы.

Fontaines DC аб’ядналіся з Bohemian FC для выпуску новай футбольнай формы і збору сродкаў для дапамогі Палестыне, а менавіта – Medical Aid For Palestinians.

Новая форма Grenfell Athletic, створаная ў супрацоўніцтве з Nike і Kitlocker, выраблена з тканіны, ахвяраванай з прадметаў адзеньня, якія перажылі пажар у Грэнфелі. Заўзятар_кі клюба, якія не зьяўляюцца мясцовымі жыхар_камі, таксама ўнеслі свой унёсак – у тым ліку, футбаліст Hector Bellerin і выканаўца Louis Tomlinson ахвяравалі часткі сваіх футболак.

Cole Palmer і Central Cee запусьцілі калядную кампанію Chelsea FC па барацьбе з бяздомнасьцю ў Лёндане. Кампанія “Wrap Up Warm” заклікае заўзятар_ак, гул_інь і супрацоўні_ц ахвяраваць цёплае адзеньне мясцовым дабрачынным арганізацыям, каб падтрымаць найбольш уразлівыя пласты насельніцтва ў перыяд паніжэньня тэмпературы ў сьвяточны сезон. 

Выкарыстаньне спартовай формы для падтрымкі важных сацыяльных ініцыятыў падкрэслівае разуменьне таго, як спорт можа служыць інструмантам для станоўчых зьмен у грамадстве. Спартовыя клюбы і брэнды садзейнічаюць ня толькі прыцягненьню ўвагі да глябальных праблем, але і прапануюць практычную падтрымку тым, хто мае ў ёй патрэбу, выходзячы за рамкі звычайных камерцыйных інтарэсаў. Гэтыя ініцыятывы сьведчаць аб тым, што спорт можа і павінен быць выкарыстаны як сродак для прапаганды каштоўнасьцей справядлівасьці і дапамогі, якая аказваецца тым, хто мае патрэбу.

Іншыя навіны ў сферы спорту і правоў чалавека

Sport and Rights Alliance (SRA) выступілі з заявай: FIFA павінны спыніць працэс падрыхтоўкі заяўкі на правядзеньне Чэмпіянату сьвету па футболе ў 2034 годзе (у Саудаўскай Аравіі) і запатрабаваць заслугоўваючай даверу стратэгіі ў галіне правоў чалавека на 2030 год (у Марока, Партугаліі і Гішпаніі), якая заслугоўвае даверу. У сваёй справаздачы Amnesty International і SRA ацанілі прапанаваныя стратэгіі ў галіне правоў чалавека для турніраў 2030 і 2034 гадоў і зрабілі выснову аб тым, што ніводная з заявак не апісала належным чынам, як яны будуць адпавядаць стандартам у галіне правоў чалавека, не кансультавалася з праваабарончымі арганізацыямі, а рызыкі ў Саудаўскай Аравіі настолькі высокія, што правядзеньне там турніру, верагодна, прывядзе да сур’ёзных і шырока распаўсюджаных парушэньняў правоў.

Сярод іх – парушэньне правоў працоўных мігрант_ак (эксплуатацыйная сістэма, нізкі заробак, адсутнасьць прафсаюзаў, высокі ўзровень сьмяротнасьці), прыгнечаньне свабоды слова і выказваньня меркаваньня, прымусовае высяленьне, дыскрымінацыя ў дачыненьні да жанчын і ЛГБТК+ супольнасьці, крыміналізацыя пазашлюбных і аднаполых адносін. Сярод рызык пры правядзенні ЧС 2030 года – прымяненьне паліцыяй сілы супраць натоўпу, неналежнае выкарыстаньне гумавых куль, скарачэньне даступнасьці жыльля для жыхар_ак прымаючых гарадоў і прымусовае высяленьне, абмежаваньні свабоды слова і сходаў, захаваньне расісцкіх, сэксісцкіх і гамафобных абраз у футболе, крыміналізацыя аднаполых адносін.

«FIFA даўно заяўляюць, што ўлічваюць стандарты правоў чалавека пры выбары гаспадароў Чэмпіянату сьвету і правядзеньні сваіх флагманскіх турніраў. Калі FIFA не будуць сумленныя адносна маштабу і сур’ёзнасьці маючых адбыцца рызыкаў і не прымуць мер па іх прадухіленьні, стане ясна, што іх прыхільнасьць правам чалавека – гэта падман», – заявіла Andrea Florence, дырэктарка SRA.

Прэтэнзіі, якія вылучаюцца праваабарончымі арганізацыямі, уздымаюць важнае пытаньне аб правамернасьці правядзеньня турніраў у краінах з высокай ступеньню парушэньня правоў чалавека. Гэтыя заўвагі маюць ключавое значэньне для забесьпячэньня адпаведнасьці глябальных спартовыз мерапрыемстваў міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, акрамя толькі камерцыйнай выгады.

Гульцы ня будуць мець выходных дзён перад клюбным Чэмпіянатам сьвету 2025, бо FIFA абвясьцілі аб тым, што каманды павінны прыбыць на турнір не пазьней, чым за 3 дні да свайго першага турніру. ЧС пачнецца 15 чэрвеня, а міжнароднае вакно завершыцца ўсяго за 5 дзён да гэтага. Апроч кароткага тэрміна прыбыцьця, клюбам таксама пагражаюць штрафамі, калі яны не выставяць свае наймацнейшыя каманды на працягу ўсяго турніру.

Усё больш гульцоў і трэнераў крытыкуюць такі жорсткі графік. Яны заяўляюць аб занадта высокім рытме, небясьпецы такой нагрузкі, вялікай колькасьці траўмаў і лічаць, што забастоўкі застаюцца адзінай магчымасьцю для іх паўплываць на сітуацыю, у чым гульцы і трэнеры гатовы падтрымліваць адзін аднаго.

Вядучыя эўрапейскія лігі і прафсаюз гул_інь FIFPRO падалі ў Эўрапейскую камісію скаргу на FIFA у сувязі з тым, што, на іх думку, зьяўляецца «злоўжываньнем дамінуючым становішчам» з боку кіруючага воргана сусьветнага футбола.

Праблема перагружанасьці календара спаборніцтваў мае сур’ёзныя наступствы для здароўя і дабрабыту спартоўцаў. Пастаянны ціск на гульцоў з мэтай выкананьня абавязацельстваў і захаваньня жорсткіх графікаў стварае пагрозу для іх фізічнага і мэнтальнага стану, што можа прывесьці да большай колькасьці траўмаў, пагаршэньня якасьці гульні і заўчаснага завяршэньня кар’еры. Апісаная тэндэнцыя зьяўляецца прыкладам парушэньня правоў чалавека на здароўе і справядлівыя ўмовы працы і патрабуе больш пільнага падыходу з боку спартовых арганізацый.

Новая Хартыя разнастайнасьці і інклюзіўнасьці была ўзгоднена ўсімі дзесяцьцю камандамі, Formula 1 і FIA. Заяўленая місія Хартыі – выяўленьне і ліквідацыя перашкодаў для прыцягненьня і ўтрыманьня разнастайных людзей на працоўных месцах, удасканаленьне метадаў працы і ўзаемадзеяньне з зацікаўленымі бакамі для стымуляваньня інавацый.

FA будуць імкнуцца да разнастайнасьці – яны заявілі аб намеры забясьпечыць прадстаўленасьць як мінімум 30% цёмнаскурага, азіяцкага, зьмешанага або іншага этнічнага паходжаньня ў трэнерскім складзе мужчынскай зборнай Ангеліі да 2028 года. На гэты момант гэты паказчык складае 19%. Таксама плянуецца, што да 2028 года 60% трэнерскага складу жаночай каманды будуць складаць жанчыны.

Kevin He з Winnipeg Jets стаў першым гульцом кітайскага паходжаньня, які падпісаў кантракт з NHL. Уключэньне большай колькасьці людзей рознага паходжаньня спрыяе прасоўваньню разнастайнасьці, адкрывае шлях для новых спарто_вак з меньш прадстаўленых груп і спрыяе паляпшэньню сацыяльнай атмасферы ў спорце.

Разнастайнасьць і інклюзія ў спартовых калектывах зьяўляюцца найважнейшымі элементамі для стварэньня справядлівага і роўнага асяродьдзя. Дасягненьні ў гэтым напрамку падкрэсьліваюць ўсведамленьне значнасьці інклюзіўных палітык. Важна, каб спартовыя арганізацыі працягвалі рухацца ў гэтым напрамку, прасоўваючы каштоўнасьці роўнасьці, разнастайнасьці і інклюзіі.

Silvan Wallner скончыў кар’еру футбаліста з-за таго, што яго рэлігійныя перакананьні не прадугледжваюць магчымасьці гуляць у футбол у суботу. Wallner зьяўляецца вернікам Царквы адвентыстаў сёмага дня, якая выконвае суботу, а не нядзелю як дзень адпачынку. «Я набожны хрысціянін і чытаю Біблію. Я сам прымаю рашэньні наконт свайго жыцьця. Я хачу ісьці за Езусам Хрыстом, і таму біблейскі дзень адпачынку стаў для мяне важным», – патлумачыў сваё рашэньне футбаліст. Павага рэлігійных і культурных перакананьняў гул_інь адпавядае праву чалавека на свабоду сумленьня і веравызнаньняў і павінна ўлічвацца спартовымі арганізацыямі, федэрацыямі і клюбамі – акрамя прыняцьця падобных рашэньняў гул_інь, яны могуць адаптаваць свае графікі і ўлічваць гэтыя патрэбы, або імкнуцца знайсьці баланс паміж выкананьнем рэлігійных норм і патрабаваньнямі, зьвязанымі з прафэсійнымі абавязкамі.

FC Saint Pauli выпусьцілі афіцыйную заяву і паведамілі аб сваім сыходзе з сацсеткі Х, бо плятформа ператвараецца ў машыну нянавісьці. «Расізму і тэорыям змовы дазволена распаўсюджвацца бескантрольна і гэта нават заахвочвацца. Абразы і пагрозы рэдка караюцца і прадаюцца як свабода слова», – гаворыцца ў заяве клюба.

Brentford аб’ядналіся з ініцыятывай Trainline “I Came by Train” і абвясьцілі аб зьніжцы 20% на праезд у цягніках для заўзятар_ак, якія наведваюць іх выязныя матчы, у якасьці альтэрнатывы аўтамабілям, каб зрабіць паездку на матч больш экалягічнай.

У клюбе таксама прадставілі новую схему продажу квіткоў, каб захаваць іх даступнасьць для маладых заўзятар_ак. Brentford заявілі, што заўзятар_кі моладзевай зборнай, якія прыязджаюць на матч Brentford у Прэм’ер-лізе, будуць плаціць ня больш за £10 за матч да канца сезона ў рамках ініцыятывы Gen10.

Апісаныя навіны ўзнімаюць шырокі пласт пытаньняў, якія тычацца перасячэньня спорту і правоў чалавека. Усе гэтыя пытаньні паказваюць на тое, што спорт можа быць ня толькі арэнай для камерцыі і забаў, але і служыць плятформай для папулярызацыі каштоўнасьцяў роўнасьці, інклюзіі і правоў чалавека.

ПОХОЖИЕ НОВОСТИ
спорт

Правы ЛГБТК+ людзей у спорце

Нягледзячы на важныя перавагі, якія дае спорт, як паляпшэньне фізычнага і мэнтальнага здароўя, умацаваньне ўпэўненасьці, зьніжэньне трывогі і стрэсу, ён па-ранейшаму застаецца недаступным і часта небясьпечным для людзей з ЛГБТК+ супольнасьцяў.
спорт

Спорт і правы чалавека: агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2023 год

У нашым матэрыяле мы сабралі найважнейшыя навіны і статыстыку са сьвету беларускага спорту за 2023 год з мэтай аналізу наступстваў масавых рэпрэсій і дзяржаўнага кантролю сфэры спорту ў Беларусі, маніторынгу тэндэнцый і фармуляваньня рэкамендацый з пункту гледжаньня забесьпячэньня рэалізацыі і абароны правоў чалавека.
спорт

Спорт і правы чалавека: квартальная аналітыка ліпель-верасень 2024

Мы прааналізавалі найбольш значныя падзеі і навіны ў спорце за ліпень-верасень 2024 года праз прызму міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.