У гэтым дакумэнце мы прааналізавалі найбольш значныя падзеі і навіны ў спорце за красавік-чэрвень 2024 года праз прызму міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.
У Беларусі працягваюцца перасьледы прадстаўні_ц спартовай індустрыі, якія не згодныя з беларускімі дэ-факта ўладамі, што зьяўляецца праявай сыстэматычнага і паўсюднага парушэньня правоў чалавека ў краіне. Падставай для перасьледу ў аналізаваны перыяд паслужылі ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе, зьлівы пэрсанальных даных сілавікоў, удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні», вылучэньне кандыдатуры ў Каардынацыйную раду, надпіс «zyvie Belarus». Працягваецца практыка запісу і распаўсюджваньня «пакаяных» відэа, што парушае фундаментальнае права на абарону ад прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня.
У сфэры жаночага спорту ўсё больш клюбаў і фэдэрацыяў імкнуцца разьвіваць трэніровачную інфраструктуру і арганізоўваюць матчы на стадыёнах, якія зьмяшчаюць дзясяткі тысяч глядач_ак, што сьведчыць аб росце цікавасьці да жаночых гульняў ці прадастаўленьні інфраструктуры маштабаў адпаведных запыту, а таксама разьвіцьці індустрыі. Аднак, гуліні ўсё яшчэ вымушаныя змагацца за спрыяльныя ўмовы і справядлівую аплату працы. Гэтыя падзеі ўплываюць на фундамэнтальныя правы чалавека, у тым ліку на роўнасьць і недыскрымінацыю. Вырашэньне гэтых праблем мае важнае значэньне для ўстойлівага развіцьця жаночага спорту і абароны правоў чалавека.
Чэрвень – месяц гонару ЛГБТК+ супольнасьці. Аналізаваны перыяд вызначыўся вялікай колькасьцю акцый падтрымкі ў самых розных відах спорту. Але таксама па-ранейшаму мае месца дыскрымінацыя і непрыманьне. Процілеглыя тэндэнцыі паказваюць на прагрэс, але таксама падкрэсьліваюць неабходнасьць сыстэмных намаганьняў па стварэньні інклюзіўнага і бясьпечнага асяродьдзя для кожна_й.
У аспэкце права на здароўе заўважныя пазытыўныя тэндэнцыі. Усё больш арганізацыяў і федэрацыяў клапоцяцца аб здароўі спарто_вак па прынцыпе «people-first». У прыватнасьці новаўвядзеньні датычацца хуткага рэагаваньня на выпадкі страсеньня мозгу, спэцыяльных пратаколаў па забесьпячэньні дабрабыту жанчын і праэкта, накіраванага на пошукі спосабаў зніжэньня рызыкаў траўм у жаночым футболе. Самі атлет_кі працягваюць казаць аб значнасьці мэнтальнага здароўя нароўні зь фізычным. Забесьпячэньне доступу да належнай медыцынскай дапамогі, прафілактыцы траўмаў і падтрымцы мэнтальнага здароўя абараняе дабрабыт спарто_вак у іхняй кар’еры.
Мы ўжо не аднойчы расказвалі пра тое, як спартовая форма можа быць выкарыстаная ў якасьці спосабу прасоўваньня правоў чалавека і сацыяльна-значных пытаньняў. У матэрыяле разгледжаны падобныя прыклады для прыцягненьня ўвагі да супольнасьці з парушэньнямі слыху, праблемах хатняга гвалту, а таксама расізму, антысемітызму, гамафобіі, сэксізму і іншых формаў дыскрымінацыі. Гэта важна, бо такім чынам шырокая прывабнасьць і асьвятленьне спорту ў СМІ выкарыстоўваецца для вырашэньня найважнейшых праблем у сфэры правоў чалавека, і садзейнічае развіцьцю інклюзіўнай культуры як знутры, так і па-за межамі спартовай супольнасьці.
Адным з самых значных і глябальных спартовых мерапрыемстваў за аналізаваны перыяд стаў Чэмпіянат Эўропы па футболе EURO-2024. Глябальныя спартовыя мерапрыемствы часта становяцца плятформай для абмеркаваньня значных грамадзкіх пытаньняў, а таксама дапамагаюць зьвярнуць увагу на праблемы ў аспэкце правоў чалавека. Вельмі важна, каб арганізатар_кі, удзельні_цы і глядач_кі супрацоўнічалі ў прасоўваньні інклюзіі, барацьбе з дыскрымінацыяй і забесьпячэньні захаваньня правоў чалавека на ўсіх узроўнях на гэтых глябальных мерапрыемствах. Такі падыход можа прывесьці да доўгатэрміновых пазытыўных зьменаў у спартовым сьвеце і грамадзтве ў цэлым.
Навіны, якія распавядаюць аб выкарыстаньні штучнага інтэлекту для абароны атлет_ак, а спартовай арэны – як плятформы для закліку да галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах, роўна як чарговыя сутыкненьні фанат_ак з наступствамі рознай ступені цяжкасьці, барацьба спарто_вак за права на справядлівую аплату працы і нават прасоўваньне позвы аб зьмене клімату, зьяўляюцца сьведчаньнем шырокага ўплыву спорту на ўсе сфэры жыцьця з мэтай пабудовы разнастайнага і інклюзіўнага грамадзтва.
Чытайце аналітыку цалкам у нашым PDF-файле: