Введите верный e-mail адрес
Подписаться
Вы успешно подписались на нашу рассылку

Заява Human Constanta аб сытуацыі ва Украіне

Human Constanta
27 февраля 2022 Года

24 лютага 2022 года ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі афіцыйна распачалі ваенныя дзеянні на тэрыторыі Украіны. Дэ-факта ўлады Беларусі аказвалі дапамогу Расіі, дазваляючы выкарыстоўваць для нападаў сваю тэрыторыю, грамадзянскую і войсковую інфраструктуру. Планаванне і падрыхтоўка агрэсіўнай вайны праводзіліся загадзя і ўпотай ад беларускага грамадства. Цяпер Украіна дзейнічае ў мэтах самаабароны перад узброеным нападам, ініцыяваным Расіяй.

Мы асуджаем гэтыя дзеянні з боку Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта выклік для бяспекі ўсяго свету, і мусяць быць прынятыя тэрміновыя і эфектыўныя захады па супрацьдзеянні гэтай агрэсіі.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць аказваць любую даступную дапамогу Украіне, а таксама тым людзям, у каго ёсць магчымасць пакінуць тэрыторыю Украіны і шукаць бяспекі ў іншых дзяржавах.

Мы заклікаем людзей і арганізацыі аказваць дапамогу тым, хто застаюцца на тэрыторыі Украіны, ратуючыся перамяшчэннем з рэгіёнаў, у якіх вядуцца актыўныя баявыя дзеянні.

Мы выказваем заклапочанасць пра асабліва ўразлівыя групы, якія аказваюцца замкнёнымі ў сытуацыі вайны і не могуць нікуды рухацца, застаючыся пакінутыя сам насам з небяспекай і невядомасцю. Напрыклад, такія як людзі з інваліднасцю, людзі, якія перажываюць досвед галечы, людзі, якія перажываюць досвед бяздомнасці, маламабільныя групы насельніцтва ў сілу ўзроста і самотныя, людзі, якія знаходзяцца ў сытуацыі абмежавання свабоды.

Мы заклікаем бакі канфлікту памятаць пра нормы і прынцыпы міжнароднага гуманітарнага права і прытрымлівацца іх, уключаючы забарону на накіраваньне нападаў на мірных жыхароў і гуманнае стаўленне да ваеннапалонных.

Вайна вядзе да чалавечых ахвяр, агульнага пагаршэння сытуацыі з правамі чалавека і гуманітарных крызісаў, і не можа быць вырашэннем праблем у цывілізаваным грамадстве.
Мы выступаем супраць вайны выказваем салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу ў барацьбе за суверэнітэт і адстойванне сваёй тэрыторыі.